Анісім Алена Мікалаеўна
(Столбцовский избирательный округ № 70)

Нарадзілася 28 верасня 1962 г. у в. Савоні Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў (дзявочае прозвішча Амельчыц).

У няпоўныя шэсць гадоў пайшла ў школу, скончыла Залужскую сярэднюю школу з залатым медалём у 1978 годзе. У тым жа годзе паступіла ў Белдзяржуніверсітэт (БДУ), на філалагічны факультэт аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры, які скончыла ў 1983 годзе. Падчас вучобы працавала няштатным гідам-перакладчыкам з групамі з тагачаснай Чэхаславакіі, якія суправаджала ў паездках па рэспубліках СССР – Расіі, Грузіі, Арменіі, Украіны, Латвіі, Беларусі. Удзельнічала ў “Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні” (1980-1982 гг.). Працавала ў дзіцячым садку на Стаўбцоўшчыне (1984-1986 гг.), у СШ № 55 (1986) і № 71 (1986-1991гг.) г. Мінска, з 14 мая 1991 года – у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі (цяпер філіял ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”). Працуе на пасадзе навуковага супрацоўніка аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі. Аўтар-укладальнік некалькіх слоўнікаў.

Як чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй, неаднаразова абіралася старшынёй прафсаюзнай арганізацыі інстытута, уваходзіла ў склад кіраўнічых органаў прафсаюза работнікаў НАН Беларусі і ФПБ. З 1999-га года з’яўляецца актыўным сябрам ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. З 2000-га па 2014 год узначальвала Мінскую гарадскую арганізацыю ТБМ. Паводле статуса з’яўлялася намеснікам старшыні ТБМ, з 2011 г. – першы намеснік старшыні ТБМ. У 2002 г. як старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ заснавала газету “Новы час”, у якой з 2007 г. і па сёння працуюць журналісты зачыненай “Згоды”. У 2003 г. А.Анісім разам з Бацькоўскім камітэтам ТБМ дамаглася ад уладаў г. Мінска адкрыцця 23-й гімназіі з беларускай мовай навучання.

Па яе ініцыятыве і непасрэдным кіраўніцтве быў ажыццёўлены праект па перакладзе і выданні асобнай кнігай “Правілаў дарожнага руху” на беларускай мове. Сумесна з калектывам навукоўцаў падрыхтавала і выдала 6 кніг пробных тэстаў па шасці ўзроўнях для выкладання беларускай мовы як замежнай. Гэтыя кнігі выкарыстоўваюцца падчас працы курсаў беларускай мовы як замежнай у Польшчы, Японіі, Германіі, Сербіі і інш. краінах, дзе ёсць выкладчыкі беларускай мовы. Пры непасрэдным удзеле А.М.Анісім дзейнічае аргкамітэт па стварэнні ў Беларусі Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.

Сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Беспартыйная.

Замужам, мае трох дарослых сыноў, унучку. Пражывае ў г. Мiнску.